Каб я быў эмірам ці шахам
У нейкім далёкім Іране,
Адкуль мне, часамі, на Захад
Свае прысылаеш пасланні, —
Даўно-б з дапамогай Алаха
Замкнуў-бы граніцы наглуха
Для ўсіх пілігрымаў-манахаў,
Для ўсіх песняроў-валацугаў.
Адны з іх даносяць Алаху
Пра ўсе праграшэнні; другія
Сябрам сваім пішуць на Захад
Пра розных красуняў, якія
Схаваны ў гарэмах у шаха.
Таго і глядзі, што наклічуць
Ці гнеў непамерны Алаха,
Ці новых яшчэ паляўнічых
За ўсходняй экзотыкай шаха.