Пісьмо

Сярэдняя: 4.3 (4 галасоў)

Толькі ноч настае, —
і ўзрываюцца, падаюць зоры.
Ужо трэція суткі
ніхто з нас вачэй не змыкаў.
Нават чорным здаецца
над намі устаўшае сонца
і, як мірнымі днямі,
на ўзлессі расцвіўшы чабор.

Хто заснуў вечным сном
на здабытым акопе,
хто — ад зморы —
на спаленай ніве прылёг,
але ўсе па загаду: наперад!
Гатовы, —
нават паўшыя, —
ўстаць і ў атаку пайсці.

Падпаўзае сястра.
Часам раны каму перавяжа,
часам вусны вадою
з баклагі асвежыць...
— Сястра!
Паднясі нам патроны
ад тых, каму болыш непатрэбны.
Хутка кончу пісаць —
і адправіш вось гэта пісьмо:

«Дарагія мае!
Недзе вы з-за Урала, з-за Волгі
кожны дзень углядаецеся у той бок,
дзе палае агнём Беларусь.
Перад намі наш край!
I насустрач выходзяць бярозы,
быццам маткі, што з часу расстання
стаялі, чакалі сыноў.

Хутка зноў загудуць
і зазвоняць вагоны
на радзіму з далёкіх усходніх палёў.
Толькі вы не сумуйце,
пабачыўшы нівы стаптаныя, —
мы іх бачылі першыя,
першыя імі прайшлі.

Попел іх нам асеў
назаўсёды на скроні,
нас апаленымі абымалі
рукамі сады.
Хоць у ранцах у нас
былі толькі сухар ды набоі, —
красаванне і зелень лістоў,
абяцалі мы ім...

Недзе стогне зямля
пад варожай лавінаю танкаў.
Узрываюцца зоры над намі.
Атака...»
— Сястра!
Калі я не дакончу пісьмо,
ты дапішаш:
радзімы рубеж перайшлі мы,
і сям'і і сябрам
з Беларусі прывет перашлеш.