Калі ў пракляты трапіў шторм,
Я асушыў з бутэлькі ром.
I ты, пісьмо знайшоўшы ў ёй,
Пашлі яго ў пасёлак мой
Ды за спачын маёй душы
Сам чарку рому асушы.
Хай не чакаюць больш сябры
Мяне ў таверне «Дзве зары»;
Хай не ўглядаецца Сальвейг
Дарма і ў непагадзь і ў снег,
Не прыслухаецца, як шторм
Грыміць у свой чартоўскі горн,
I не гаруе лішне там.
Лёс рыбака я выбраў сам.
Дзён і начэй недасыпаў,
Дзяцей з Сальвейг нагадаваў —
З Сальвейг, якую выкраў я
У акіяна, каб зямля
I вусны чорствыя мае
Сагрэліся цяплом яе.
I ён, знаць, мне не дараваў —
I гэты шторм за мной паслаў.