Прайшоў трамвай. Ён на прыпынку кожным
Спыняўся доўга, быццам інвалід,
Які ў разбітым горадзе не можа
Прыпомніць трасы. На муроў граніт,
На чорныя разваліны з Нямігі,
Крутымі рэчышчамі вуліц, як прыбой,
Плывуць туману веснавыя крыгі,
Далёкі золак несучы з сабой.
Мінск устае з заслоны ночы хмарнай,
Мінск устае ў сімфоніі гудкоў,
У пераклічцы цягнікоў таварных,
Прывёзшых сосны цяглыя з бароў,
Прывёзшых нафту — дар Азербайджана,
Платформы рэек — гор Уральскіх дар,
Маторы, эскалатары і краны,
Што чорнымі далонямі да хмар
Узносяць цэглу і бетон, і песню,
Якая ўспыхнула ўдалечыні.
I вось пяюць і муляры, і цеслі,
Аж рыштаванняў гулкі лес звініць,
Аж паўстаюць з руінаў безнадзейных
Кварталы новых гмахаў-камяніц,
Палацы — казачныя лятуценні
У нябачным ззянні сонц і зараніц...
Няхай ўсё гэта песня нагадала,
Але я веру: будзе горад мой
Такім, куды Скарына і Купала
3 плеядай слаўных прыдуць грамадой,
Куды пралягуць светлыя дарогі,
Якімі пройдзе маладосць дзяцей,
He знаючы ні гора, ні трывогі
Сваіх бацькоў... Начы знікае цень.
I вось ідзеш загледзеўшыся ў мару,
У візію. He заўважаеш на'т,
Як дробны дождж імгліць, сячэ па твары,
Шуміць празябшы, абгарэлы сад.
I Свіслач, прадчуваючы, што скора
Яе скуюць гранітам берагоў,
Б'е хваляй устрывожанай і чорнай
У фермы перакінутых мастоў.