Іх шмат было: не менш як зор у небе
Ці як пяску на беразе марскім.
Іх падхапіў прыбой вайны на грэбень,
На чорныя занёс мацерыкі.
Там не было ні сонца, ні блакіту;
Там не было ні хлеба, ні вады;
Адно чарнеў дол трупамі набіты
I вочы грыз ім асвенцімскі дым.
Іх шмат было. Але адных забрала
Драпежная нямецкая зямля,
Якую ўпрэжаныя у ярмо гаралі,
Якая ўзгоркамі магіл іх парасла.
Другіх забрала поўначчу панурай
Смерць пад зямлёй, між вугальных пластоў,
Сталь, для якой ў пякельных печах Рура
3 рудою плавіліся попел іх і кроў.
Іх шмат было... I вось яны сягоння,
3 мільёнаў тысячы уратаваных душ,
Васкросшы з небыцця, насустрач волі, сонцу,
Насустрач даўняму свайму жыццю ідуць.
Ідуць на мыліцах, як прывіды якія,
Звісаюць рызманы з іх клеймаваных рук.
Слязяцца вочы іх, калісьці маладыя,
Ахрыпшых галасоў плыве трывожны гук.
Але ад снежных Альп, ад берагоў Ламанша —
Праз колькі гор яны, праз колькі рэк прайшлі! —
He ўспыхнуў водсвет зор ў вачах ад слёз пагасшых
I ў сэрцы, дзе званы хаўтурныя гулі.
Бо толькі недзе там, на ўсход, за Бугам сінім,
Вятры такія, што асушаць слёз паток,
Дажджы такія, што з сэрц змыюць прах чужыны,
I сінява нябёс, што распагодзіць зрок.
Ідуць пахіленыя пад цяжарам шчасця,
3 дзяцьмі народжанымі ў прадсмяротны дзень,
Спяшаюцца грудзьмі да ніў сваіх прыпасці,
Да дрэў, што ім насустрач кінулі свой цень.