Шапэн

Яшчэ не ацэнена

Kaгo у Лазенках паўночнай парой,
У змрочных алеях, глухіх пералесках,
Каля апусцеўшых муроў каралеўскіх
Нястомна шукае нямецкі канвой?

Мо' цень бегляца з-за дратоў Асвенціма
Уцякла ад смяротнай пагоні сюды?
Мо' знойдзены мсціўцаў народных сляды?
He, каты прайшлі, не заўважыўшы, міма.

Ім трэба быў той, чые гукі жылі
У дыханні мільёнаў, ў няскораных сэрцах,
Хто на акрываўленай польскай зямлі
Народу свайму гаварыў аб бяссмерці.

I вось акружылі Шапэна яны,
Прыкладамі ўдарылі ў бронзавы помнік.
I з арфы разбітай, з парванай струны
Маланкамі гукі рвануліся ў поўнач.

Іх не заглушыў прагрымеўшы узрыў,
Што ўзняў аж да зораў граніт п'едэстала, —
Акорд за акордам зрываўся і плыў,
I сіла касмічная ў іх нарастала.

I сёння ў Лазенках, над кронамі дрэў,
Над прахам Варшавы, над ценямі паўшых,
Над светам, дзе бой за свабоду грымеў,
Лунаюць акорды жалобнага марша.