Снег

Яшчэ не ацэнена

Што яснее на Каўказскіх горах?
Можа, вырай там адпачывае?
Можа, выкінула пену мора,
I яна там перламутрам ззяе?
Я пайшоў у горы. Калі вырай,
Думаў, спачывае на вяршынях,
Прывітаю вольных птушак шчыра,
Пакажу ім шлях на Нёман сіні.
А калі на горных на грамадах
Пена хваль, — паслухаю іх грому
I напеву шумных вадаспадаў,
Што спадаюць з скал арліных, стромых.
Але там, дзе я ступіў, ніколі
Не было ні птушак і ні хваляў,
Толькі веяў вецер на прыволлі
Ды снягі маўклівыя ляжалі.
Я там песню высек і пакінуў,
Бо калі замрэ ад сцюжы сэрца,
Дык вясной мой голас у даліны
Да цябе з патокамі праб'ецца
I раскажа аб вялікім шчасці:
Бачыць сонца над краінай роднай,
Жыць, раскрыўшы свае грудзі насцеж,
Для напеваў і вятроў свабодных.