Сварка

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Ты не ўгаварвай лепш мяне!
Няма сягоння часу мне
Глядзець, як лёд рака ўзрывае,
А то вось раззлуюся я.
Яшчэ не жонка я твая, —
Шмат вёсен у запасе маю!
Ды невядома, што і як
Лепш апрануць у гэткі вечар.
А мне не трэба твой пінжак,
Сабе яго накінь на плечы!
А гразь якая!
I няма
Дзе абысці разоры, лужы.
Пусці! Я перайду сама,
Не клапаціся, мілы дружа!
I не нясі, і не мілуй,
А то з дарогі лёгка збіцца.
I асцярожна! Не цалуй!..
Ну, як з табою не сварыцца!