Вячэрняе сонца мы неслі здалі
На крыллях свайго самалёта,
Пакуль не апала яно у заліў,
За мачты Балтыйскага флота.
I вось перад намі заззялі на міг
Святочныя свечы граніта —
Чырвоныя вежы: і Карлегерыт,
I грузная Пакс Маргарыта.
Крутымі завулкамі наш праваднік
Вышэй і вышэй нас узводзіў.
Аж, бачым, ужо запалалі агні
Мінулых падзей і стагоддзяў.
Усё тут было нібы казачны сон:
Каменні і людзі, і горад,
I вытканы ў зоры нябёс парасон,
I штормам узрытае мора.
Яно нам ўсю ноч адпачыць не дало,
З салёных змываючы скалаў,
З гарматамі, з мачтамі, з ветраў раўло
Салют перамогі спявала.
А з месяца чары лілося віно
У нашы баклагі, ў далоні.
Яго мы пілі, і у сэрцы яно
Агнём палыхае сягоння.