Сярод лясоў наднёманскіх,
Густога сасьняка
Жыла малая Верачка —
Дачушка лясьніка.
Яна дружыла з дрэвамі,
З птушынаю сям'ёй,
Зьвярынай усялякаю
І зь ягадай лясной.
Ды вось аднойчы восеньню
Лес, чуе, не пяе,
І стала ёй нявесела,
Сум агарнуў яе.
Шкада ёй ападаючых
Лістоў і матылькоў,
Шкада ёй адлятаючых
У вырай журавоў.
І вось, пацешыць Верачку
Жучкі прыбеглі спрытныя,
Камарыкі гульлівыя,
Мурашкі працавітыя.
Гудуць, зьвіняць і раяцца.
Зь сьвітаньня да начы,
Ня знаюць, як гаротніцы
Ў бядзе дапамагчы.
Прыбеглі зайцы шэрыя,
Вавёрачкі гульлівыя,
Бабры, лісіцы, вожыкі,
Казулі палахлівыя.
Паселі кругам, раяцца
Зь сьвітаньня да начы,
Ня ведаюць, як Верачцы
Ў бядзе дапамагчы.
Усёй сям'ёй зьявіліся
Цецярукі стракатыя,
Глушцы, вароны з совамі
Ды зь дзятламі насатымі.
Сядзяць на дрэвах, раяцца
Зь сьвітаньня да начы,
Ня ведаюць, як Верачцы
Ў бядзе дапамагчы.
Пачуў пра гэта павучок.
Пытае: — што за гул?
Мо' я, сябры-таварышы,
Як-небудзь памагу? —
— Ну, дзе табе! Маўчаў-бы лепш
Ты ў засені лістка, —
Гавораць і сьмяюцца ўсе
З малога павучка.
І ён па павуціначцы,
Пакрыўджаны, палез
Дамоў, пад ліст арэхавы,
У хмызьнякі, у лес.
А як настала ночанька,
Серп месяца зазьзяў,
Ён павуціну тонкую
Хутчэй снаваць пачаў.
Ад кусьціка да кусьціка,
Між лапак і галін,
Ад ёлкі да сасоначкі,
Ад неба да зямлі.
А потым зоры ясныя
З краплістаю расой
Павесіў ён званочкамі
На павуцінцы той.
Калі-ж прачнулася зара
І ветрык прыляцеў,
Лес залатымі струнамі,
Ажыўшы, зазьвінеў.
На звон устала Верачка.
Сьцяжынаю лясной
Ідзе яна і дзівіцца,
Што лес сьпявае зь ёй.
Кране рукой рабіны куст —
Звон чуецца рабінавы,
Кране яна каліны куст —
Звон чуецца калінавы.
А сонца струны павучка
Кране празрыстьм променем,
Заслухаешся, як гудуць
Лясы-бары над Нёманам.