Мы з года ў год мазольнымі рукамі
кавалі зброю моцную сваю,
каб ў мірны час над нашымі палямі
яна звінела ў каласох з сярпамі,
а ў грозны час служыла у баю.
Сцягі радзіме працавіта ткалі, —
у кожнай нітцы нашых сэрц прамень, —
каб ў мірны час яны, як сонца, ззялі
і справядлівым гневам запалалі
над лютым ворагам у грозны дзень.
Мы гадавалі дружбу ў сэрцах смелых,
каб ў мірны час за працай, за сталом
яна звінела песняй і кіпела
у маладосці нашай, у вяселлі,
а ў грозны час была маім клінком.
Сягоння ўсё праверылі ў агні мы:
стальную зброю, дружбу і сцягі.
Ты будзеш жыць, квітнець, мая радзіма!
Дарма груган над хмарамі сівымі
вядзе свае смяротныя кругі.
Няма штыкоў, якія-б нас скрышылі,
і хмар, якія-б засланілі дзень,
і сілы, роўнай мужнасці і сіле,
што, разгарнуўшы сталінскія крыллі,
да славы неўміручай нас вядзе.