Упершыню шум верасоў,
звон журавоў над краем,
знаёмых і таварышоў
спакойна пакідаю.
Бо ведаю – і без мяне
ў садах збяруць чарэшні,
і ўжо ніколі ў сэрцы жней
не засумуе песня.
Цягнік ляціць. Яшчэ гараць
агні ў вагоне слепа,
а ўжо калышыцца зара
падсолнухаў над стэпам.
I не паспееш крыкнуць: — Глянь,
якая шыр — дарога! —
а велізарная зямля
кідаецца пад ногі.
Хвалюе вецер курганы.
Тут, як па мору, бродзіш,
на'т забываешся ў якім
цягнік ляціць стагоддзі.
Але бялеюць воблакі
і топалі, з усходу
з калгасным хлебам ветракі
насустрач нам выходзяць.
На сотні вёрст перада мной
кавыльная раўніна,
і Дон над ёю цецівой
сцягнуў лук неба сіні.
Таварыш мой, акын стэпоў,
з дамброй не расстаецца.
Напеў яго гартанных слоў
я разумею сэрцам.
Бо пра адно мы з ім пяём,
адно палае імя
над гэтым стэпам, над Дняпром
і над усёй радзімай.