Для пераможнага салюта,
Якім байцоў Радзіма славіць,
Мы ведалі: Урал магутны
Даўно руду ў мартэнах плавіць.
I для сустрэчы маткі з сынам —
Салдата з роднаю краінай
Даўно у вочах слёзы спелі
І ў сэрцы зоры палымнелі.
Для тостаў за жывых і паўшых,
За баявую славу нашу
Даўно зярно набракла хмелем,
А песня — рэхам і вяселлем.
Таму ў дзень урачысты свята
Хай слёзы радасці палаюць,
У чарах сонца закіпае,
Пяюць салют ствалы гарматаў!
Іх рэху вечна будуць ўторыць
Зямля васкросшая і зоры,
I сэрца моладзі шчаслівай,
I песня сейбіта на ніве.