Ураклі, матуля, сына твайго людзі…
Ураклі загоны і палі,
як у ясны кужаль убіралі грудзі
родныя бярозы, тапалі.
Ураклі і вочы сінія краіны,
і кудлатай руні дываны -
нехта мне у сэрца, сеючы, закінуў
залатыя шолахі вясны.
Мне не дапамогуць лекі ад урокаў,
ні твая малітва да зары,
не засну, як даўна, поўначчу глыбокай
сінякрылым рэхам у бары...
Нават пад курганам чуў бы звон далёкі,
як напевы песняў каласяць тугой,
як скрыпяць калёсы ў полі адзінока,
поўныя сялянскаю бядой.
Вось спачну мо’ трохі ў туманах вішнёвых,
затапіўшы вочы мокрыя ў зару,
і далей пайду я праз лясы, дубровы,
па тваіх дарогах, Беларусь.
Ураклі, матуля, сына твайго людзі…
»