Усё менш маіх таварышоў.
Адных сляды пясок завеяў
ці недзе спяць на Пірэнеях
пад ціхім попелам снягоў;
другія — сёння уначы
драты іржавыя пілуюць,
як ломяць мур і краты — чую, —
паўзу і я ім памагчы.
Мо' разбуджу і тых, што спяць...
А гэтым, пэўна, — пакуль выстрал
сыпне на вочы чорным лістам, —
паспею песню перадаць!