Сівая хмара сцёрла сонца,
вясенні першы дождж заплакаў.
Па стрэхах і па шэрай гонце
разліўся вечар сінім лакам.
І ноч прышла з прадмесця, вуліц,
палезла на званіцы, вышкі.
Сабакам чорным вецер скуліць
пад шэрым мурам пад Лукішскім.
Агні, агні ў вялікіх вокнах
і крык газетчыкаў, рэкламы,
ды на бруку вясеннім мокнуць
ад ліхтароў жывыя плямы.
А на пліце цяжкой бетоннай
дождж граззю прозвішчы заплёскаў, –
баладу віселіц сцюдзёных
гавора з ветрам Каліноўскі.
Мо' расказаць табе пра нашы
пра барыкады і удары?
Пра тых байцоў, што палі ў маршы,
мо' расказаць табе, таварыш?
Mo' расказаць табе пра заўтра,
пра песні-сны, што ў нашых казках?..
Цішэй!.. Ідзе бульварам варта,
і блудзіць дождж па бруку гразкім.
Іду, а дрэвы штось гавораць...
Аблеплен граззю, мокрым снегам...
Ну дзе-ж сягоння, родны горад,
мяне прытуліш без начлегу?