Вільня

Яшчэ не ацэнена

Я гэты горад знаю з даўных дзён,
Дзе дрэмлюць замка гордыя руіны,
Дзе ўзняў густое вецце ясень, клён
Над сном акамянелым Гедыміна,
Дзе, пад аркадамі сівых муроў,
Праходзяць цені вулкамі вузкімі:
Пясняр Літвы, наднёманскіх палёў,
У падарожным плашчы пілігрыма,
І Каліноўскі, і таварышы...
Я чую голас іх у змроку шэрым,
I чую, як Вілля ў начной цішы
Бароў прадвечных падмывае бераг.

І хоць навісшых камяніцаў сінь
Начэй нямала беспрытульных туліць,
А ў збуджаным напеве успамін
Яшчэ не ўсё балючае заснула,
Яно на кожным кроку устае,
Гарыць у вераснёвай пазалоце,
Дзе вецер песні першыя мае
Рваў на Лукішскім на калючым дроце, –
Усё-ж люблю я гэтых вуліц гул,
Граду Панар, высокі золак раніц,
I маладосць, абвітую ў тугу,
Якой у вочы можна смела глянуць.

Я гэты горад знаю з даўных дзён.
I кожны раз мне новыя старонкі
Суровай былі адкрывае ён, ,
Запісанай на камні вежаў звонкіх.
I я чытаю пыльныя радкі,
У якіх вітае светлы дух Скарыны,
I устаюць мінулыя вякі
I слаўныя краіны гадавіны.
Вось абеліск узняўся, як прамень,
Над Чэрняхоўскім, над магілай паўшых
I словы Сталіна палаюць ноч і дзень
Аб вечнай дружбе і аб славе нашай.

Я гэты горад знаю з даўных дзён.
I каб не хвойны пах бацькоўскай хаты,
I каб не нарачанскай хвалі звон
Ля курганоў, ля сосен расахатых, —
Хацеў-бы я, каб мой апошні спеў
Тут, сярод гэтых незабыўных вулак,
Дзе ўпершыню ён гулка празвінеў,
Знайшоў спакой і вечны свой прытулак.