Вячэрняе люстра вады
распырскалася пад вяслом.
Над ім халадок малады
ўзмахнуў вераснёвым крылом;
ўзмахнуў і ў рачную траву
атрос млечны шлях светлякоў.
Па царстве заснуўшым плыву
русалак, праяў, лесуноў.
У ног маіх ліра і сам
пясняр я, баян-чарадзей,
шапнуў-бы закляцце струнам, —
збудзіў-бы мінулага дзень...
Але няхай дрэмле жыццё,
паросшае цінай густой,
пакуль над туманным трысцём
не звоніць з турбін вадарой.
Збуджу тады чары балот,
як ў топях агні замігцяць, —
каб, вывеўшы свой карагод,
не мог вадзянік рагатаць.