Зноў сярод ніў бесканечных, шырокіх
іду, як калісь, у задуме цяпер я,
і ў небе мне звоніць блакітным, высокім
сівое птушынае пер’е.
Лірыкай восені дыхаюць далі.
У кожнага з выраем траціцца многа, -
то дні маладыя, то вуснаў каралі,
то спеў на пясчаных дарогах…
Следам глядзіш – столькі ў крыллях свабоды!
А ўсё-ж нават птушкам без болю не кінуць
чубатыя хаты, шнуры, азяроды,
лясы маёй роднай краіны.
Потную вецер палошча кашулю.
Ну што адлятаючым скажаш такога?
Мо’ крыкнуць ім толькі, каб суму не чулі:
- Ляціце!.. шчаслівай дарогі!