Я майстэрню скульптара люблю:
груды мрамара, граніта, гліны,
дзе мастак, як Саваоф біблейны,
ажыўляе чарамі зямлю,
дзе, забыўшы адпачынак, сон,
шлях жыцця свайго, як міг кароткі,
ускрашае цені сваіх продкаў,
славу нашых гераічных дзён.
За акном прамень вячэрні лёг,
блізка восень, з ёй глухая поўнач.
Мо' яшчэ мне некалі ў працоўню
суджана пераступіць парог
і адчуць на вуснах анямелых, ,
на вачах сталь вострую разца
і убачыць, што шляхі жыцця
за маім курганам пашырэлі.