Як вясна прышла

Сярэдняя: 3 (5 галасоў)

Як вясна прышла ў гаі,
Разбудзіла ручаі
І паклікала ізноў
Птушак з выраю дамоў.
Прыляцелі жаўрукі,
І зязюлі, і шпакі,
Качкі, чэпікі,
Раюцца,
Зь імі ластаўкі.
Прыляцелі журавы,
Буслы, кнігаўкі...
Дзе ты тут усіх
Пералічыш іх!
Прыляцелі, ў полі селі,
Зь вераб'ямі-забіякамі
Спрачаюцца:
— Мы пакінулі вас тут
Зімаваць, зімаваць;
Вас прасілі гаспадарку
Пільнаваць, даглядаць,
А вярнуліся назад, —
Непаладкаў шмат!..
Вераб'і на гэта толькі
У вадказ усім:
— Чым-жа мы тут вінаваты,
Чым, чым, чым?!
— Дзе ні глянеш — збожжа столькі
У стагох, —
Гаварыў жаўрук усім,
— Было восеньню багатай
На палёх,
— Чым-жа мы тут вінаваты,
Чым, чым, чым? —
— Я пакінула дубровы
Ў іх уборы каляровым,
А цяпер, — зязюля кажа, —
Трэба мне зноў у ляску
Ды на кажным на сучку
Будзіць лісьцікі: ку-ку!.. —
За зязюляй журавель
Кажа: — Я на поплаве
Шмат быў восеньню пакінуў
І брусьніц, і журавінаў,
А цяпер-жа, ля ракі
Ані ягадкі!..
— Гэта, пэўна, вераб'і, —
Кажуць ластаўкі, —
На палёх
І на лугох
Усё папсавалі
Перапілі, пераелі,
Пераласавалі... —
Вераб'і тут узлаваліся
Зусім:
— Чым-жа мы тут вінаваты,
Чым, чым, чым?
Нам зімою цяжкавата
Тут было самім.
Чым-жа мы тут вінаваты,
Чым?!.
Невядома, колькі-б часу
Спрэчкі птушкі тут вялі,
Але ў гэты дзень із школы
Дзеці міма іх ішлі.
І яны сябром пярнатым
Расказалі ўсім:
— Вераб'і ня вінаваты
Тут ні ў чым,
Бо зялёны ліст дуброў
Сам асыпаўся далоў,
Збожжа з поля зьвезьлі людзі,
Ягады змарозіў студзень
Подыхам сваім.
Вераб'і-ж ня вінаваты
Тут ні ў чым!
Памагчы вам трэба можа, —
Вам ахвотна дапаможам.
Калі трэба — пачастуем,
Абаронім, павартуем.
Мы ў лясох, садох сягоньня
Ладзім гнёзды і шпакоўні,
Бо ўсе рады вам,
Дарагім сябрам...
І цяпер у нас заўсёды
У сям'і крылатай згода,
Луг зялёны — сенажаць,
Лес дрымучы, сад і поле,
Сініх рэк, азёр прывольле
Песьнямі птушынымі зьвіняць.