Тады ў мяне быў свет не большы выгана,
Дзе лапці плёў я пасучы кароў,
Дзе кнігаўкі ўздымаліся над выгарам,
Спалоханыя крыкам пастухоў;
Тады звісала з плечаў торба зрэбная,
Чужыя літары вучыўся я складаць.
I ў школе, і ў жыцці быў беспатрэбным я,
Пра што не раз хацеў табе пісаць.
Але стрымала мяне пошта дальняя,
Мяжа-граніца, а перадусім ,
Я не асмеліўся пасланне прывітальнае
Слаць з асабістым клопатам сваім.
Тым больш табе ўсё гэта было ведама,
Аб чым дазнаўся я чытаючы лісты
Тваіх паэм, якія нас наведалі,
Прайшоўшы праз калючыя драты.
Я ўслухаўся ў сугучча непаўторнае,
Загледзеўся у ззянне слоў тваіх, —
I хлынулі на вочы ліўні зорныя,
I гром напоўніў музыкай мой слых.
3 тых дат і летапіс мой пачынаецца,
3 тых дат, калі, упершыню ў руках,
Ад слова, як ад іскры майскай раніцы,
Узарвалася галінка вішняка.
Я не звяраўся з гэтага на споведзі
Перад мінулым і наступным днём;
Я думаў — пройдзе ўсё у лютым холадзе,
Ліст абарвецца ветрам і дажджом.
Але жыла у сэрцы прага творчасці.
У цвёрды грунт, у шчыліны сцяны,
Дзе не магло да гэтага нішто расці,
Яна свае ўпусціла карані.
Сягоння сонцам даль шляхоў азорана.
Але я заўжды помню голас твой,
Што над далёкімі вілейскімі азёрамі
Прышоў за хлопцам-пастухом, за мной.