Яна хату бяліла
і чароўнай рукой
сцены, столь абвадзіла
васільковай каймой.
Я глядзеў у здзіўленні
на разліў сінявы
і на вочы-праменні,
на блакіт іх жывы.
Хоць быў час адыходзіць,
ды ніяк я не мог,
аж да сонца усходу,
кінуць хаты парог.
Бо шляхі і крыніцы,
нават сны, як зарой,
абвяла чараўніца
васільковай каймой.
I сягоння на краю, —
хоць мінулі гады, —
дзе бываю, шукаю
успамінаў сляды.
Толькі шмат у нас хатаў,
дзе заўсёды вясной
белюць сцены дзяўчаты
і абводзяць каймой.
Зойдзеш — бачыш: не тая...
Без патрэбы тады,
пра дарогу спытаеш
ды папросіш вады.