Пад ракітавым кустом
Заяц збудаваў свой дом.
Ну і майстра, ну і дом —
Вецер ходзіць там кругом.
Вокны мохам залажыў,
Дзьверы шышкамі прыкрыў.
Ну і заячы палац —
Лес наўкол зь яго відаць!
Зьверху дом накрыўся сам
Нейкім папаратнікам.
Ну і цёплая страха —
Не засьнеш без кажуха.
А калі засьнеш зімой,
Дык завеяю ліхой
Забярэцца ў дом мароз,
Прабярэ цябе наскрозь.
Каб ад сьцюжы не сканаць,
Мусіць заяц ноч скакаць.
Ну і заяц, ну і дом
Пад ракітавым кустом!