Здарожыўшыся, скамарох
Аднойчы заснуў на аселіцы.
А ноч звініць ад камароў.
Ланцуг перагрызла Мядзведзіца.
I Млечным Шляхам з сяла
Праз нашу краіну азёрную,
Прытопваючы, пайшла
Збіраць медзякі зорныя.
Цяпер паспрабуй вярні
З лаговішча паўночнага,
Дзе ў глухой цішыні
Лапу сваю смокча яна!
Адно, звон пачуўшы смыка,
Пачынае скакаць, і да раніцы
На сіні рачны перакат
Густы зарапад асыпаецца.