Казалі: поўнае зацьменьне сонца,
Казалі: змрок зямлю ўсю атуліў.
Казалі, зоры былі бачны ў небе.
А мы з табою гэтага чамусьці
I не заўважылі, хоць і глядзелі пільна
Праз невялічкае закуранае шкельца,
Што я прынёс табе і на якім
Астаўся, помню, нашых пальцаў сьлед,
Адбітак нашых вуснаў і насоў,
Якія потым не маглі адмыць.
Ты не цікавілася часам,
Калі настане новае зацьменьне?