Заўсёды поўначчу, калі
прачнуцца пад вясняным шумам
разлівы родных рэк, калі
мяне наведываюць думы:
якімі гукамі струны
і песнямі ты ўвекавечыў
дні гора, нашай славы дні
і гэтых зораў бляск прадвечны?
З далі сінеючай на мель
з прыбоем вынесла суровым
шмаццё разбітых каравел,
паэмаў адзвінеўшых словы.
Нібыта часу не было
агледзець ветразі калісьці,
праверыць кожнае вясло
і прасмаліць жывіцай днішчы.
Аж крыўдна да гаручых слёз,
якія толькі майстра знае
і той, хто столькі перанёс,
як мы, расстанняў з родным краем.
Таму, калі цяпер спяшаць
за лёгкай славай у прасторы,
я не імкнуся тых дагнаць,
чый недалёкі шлях у моры.
Бо нам патрэбна у жыцці
яшчэ адкрыць нямала спектраў,
пакуль ля нейкай з Антлацід
з ног не саб'е салёным ветрам.
Тады па мачце смаляной,
што даплыве да родных гоняў,
ці па баклазе, у якой
нордостам запавет прыгоніць, —
патомкі змогуць адчытаць
апошнія каардынаты,
дзе кожны голас, што чуваць
як гром, быў гулкім і крылатым,
а зрок крыштальным, як алмаз,
абмыты снежнай пенай мора,
і ад якога мо' не раз
успыхнуць чэрвеньскія зоры.