Зямное прыцягненне

Яшчэ не ацэнена

Закон зямнога прыцягнення
Мы адчувалі,
Калі падалі яблыкі,
Калі падалі мы,
Ахмялеўшы ад шчасця,
У духмяныя травы,
Калі падалі
Пад кулямётным агнём.

Але, адлятаючы ў космас,
Мы пераканаліся, што
Закон гэты трэба дапоўніць
Прыцягненнем — вярбы над
ракой,
Шуму дажджу,
Паху свежага хлеба,
Рэха песні,
Цяпла рук сяброўскіх
I нат прыцягненнем святла,
Запаленага ў хаціне,
Дзе чуцен яшчэ
Скрып калыскі тваёй.

Таму закон гэты
Не проста акрэсліць,
Як і квадратуру шчасця.